30dff957     

Мудров Винцесь - Калодзеж (На Белорусском Языке)



Вiнцэсь Мудроў
Калодзеж
1
У шыбу пастукалi i на падворку натужна кашлянуў Канавальчык.
- Гэй, Матруна, памёрла, цi што?
Спрасонку вочы не адразу ўгледзелi - колькi часу, а калi ўгледзелi, дык
нават сэрца ёкнула i самлелыя вусны бязгучна прашапталi: "Божухна, што ж гэта
я..."
Такога яшчэ не было, каб Матруна праспала i не падаiла сваёй кармiлiцы. А
пятай гадзiне - i ўзiмку i ўлетку - яна прыхоплiвалася з ложку, апраналася й
бегла да Зьвяздохi - рудой, зь белай плямай на пакатым лобе каровы. I пакуль
iншыя гаспадынi яшчэ сядзелi ў ложках i невiдушча вадзiлi рукамi, шукаючы
вопратку, з Матрунчынага хлява ўжо вырывалiся на прасьцяг зычныя цыркi ды
воклiчы: "Стой ты, халера!" А цяпер во... на ходзiках палова шостай,
Канавальчык стукае ў шыбу, Зьвяздоха рыкае ў хляву, кот Базыль дзярэ палена,
счакаўшыся сырадою, а яна сьпiць, як сьветам загавеўшы.
Ранiца дыхнула ў твар волкай прахалодай i пахам парфумы, што непрыемна
казытнуў у носе.
- Хто пасьвiць? - крыкнула Матруна, падхапiўшы з паркану даёнку.
- Карпачыха зь зяцем, - азваўся сусед i Матруна на хаду ўздыхнула:
карпачысiнага зяця - вядомага ў навакольлi п'янчугу - зранку было не абудзiць,
а таму статак, вiдаць, яшчэ не пагналi.
"Уходае мяне гэты малец", - нарадзiлася ў галаве падступная думка i
першыя, самыя гучныя цыркi, скаланулi даёнку.
Вось ужо тыдзень, як Матруне няма жыцьця з-за пляменьнiка. Лёшка,
васемнаццацiгадовы бэйбус, прыехаў на пагасьцiны зь Ленiнграду i ў першы ж
вечар пабiўся ў клюбе зь Пецькам Халiмонавым. Пецька, казалi, ударыў
пляменьнiка пад дых, звалiў з ног, а пляменьнiк, дзiўным чынам крутнуўшыся,
заехаў крыўдзiцелю пяткай у лабешнiк. Увесь наступны дзень гарадзкi бэйбус
ляжаў на гарышчы, гучна аддзiмаўся, за ўвесь дзень выпiў толькi конаўку
сырадою, а ўвечары пад вокнамi хаты заляскатаў Пецькавы матацыкал. Матруна
тады зьнямела, думала зноў бiцца будуць, а калi выбегла з хаты, дык убачыла,
што мальцы прыязна адно другому пасьмiхаюцца i пляменьнiк частуе вясковага
бандзюка прывезенымi зь Ленiнграду цыгарэтамi. "Хто будзе бочкi кацiць -
адразу паведамляй, - даляцеў да вушэй сiплы Пецькавы голас, - я хутка
разьбяруся". Матруна пасьля таго перавяла дых, а пляменьнiк, прыхапiўшы грошы,
скочыў на матацыкал i вярнуўся дахаты толькi на наступны дзень. Халiмонiха
апавядала - у Вазярышча езьдзiлi, гулялi ў рэстаране, а потым у разьвядзёнкi
начавалi.
- Пецю дваццаць гадочкаў усяго, а зблытаўся з трыццацiгадовай, - сьлёзна
пажалiлася прыканцы размовы Халiмонiха. - Далiбог, паеду ў Азярышча i аблiю
тую шалахвостку варам.
З таго дня пляменьнiк дзень да ночы гойсаў зь Пецькам на матацыкле i
Матруна, пачуўшы на золку шалёнае матацыклетнае ляскатаньне, доўга потым не
магла заснуць.
Учора, праўда, матацыкал сярод ночы не ляскатаў. Дзесьцi а першай гадзiне
рыпнулi весьнiцы i па стоеным шорганьнi падэшваў Матруна зразумела, што
пляменьнiк заявiўся не адзiн. Звычайна Лёшка спаў на хаце, дзе ляжала леташняе
сена, цяпер жа крокi суцiхлi ля адрыны i кот Базыль, якi ўзьнiк на тле
цёмна-шэрага вакна, стаў бiць нягнуткiм хвастом па падваконьнi.
Гадзiну, а можа i дзьве Матруна ляжала з шырока расплюшчанымi вачыма,
слухала начныя зыкi i зьмежыла вочы толькi тады, як у прастакутнiку
прасьвятлелага вакна праплылi дзьве кудлатыя галавы i кот, бязгучна вякнуўшы,
скочыў на падлогу. I адразу ж цяжкая, лiпучая замарач лягла на павекi i
прысьнiўся малады Каравайчык са стрэльбаю ў руках i яшчэ нехта - мяккi,
хмельны, цёплы, чыё аблiчча забылася да ча



Назад